Навіны

 

Чэрвень 2008

Камунікат ЗБВБ N.112 у фармаце pdf.

Чэрвень 2007

Гэтым паведамляецца ўсім сябрам ЗБВБ і падаецца да агульнага ведама, што Агульны Гадавы Зьезд сяброў Згуртаваньня Беларусаў ў Вялікай Брытаніі адбыўся ў суботу, 9-га Чэрвеня 2007 года. Пачатак Зьезду – а гадзіне 14.00, у залі Беларускага культурна – рэлігійнага цэнтра па 39 Holden Road, London, N12 8HS.

 

Травень 2007

У нядзелю 20 траўня 2007 г. ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры ў паўночным Лёндане адбылася арганізаваная Згуртаваньнем Беларусаў у Вялікай Брытаніі сустрэча прадстаўнікоў беларускай грамады са сп. Андрэем Дыньком, шэф-рэдактарам, рэдактарам сайту газэты “Наша Ніва”. Шаноўнага госьця прадставіла прысутным Старшыня ЗБВБ сп-я Л. Міхалюк, пасьля чаго намесьнік старшыні сп. М. Пачкаеў нагадаў прысутным аб гісторыі “Нашай Нівы”, яе значэньні ў мінулым і сучаснасьці беларускага грамадзкага жыцьця й культуры ў Беларусі і ў замежжы. У сваёй прамове сп. А. Дынько прапанаваў прысутным глыбокі й цікавы разгляд працэсаў, што адбываюцца сёньня ў грамадзкім і культурным жыцьці Беларусі. У сваіх адказах на шматлікія пытаньні прысутных ён распавёў таксама аб праблемах і пэрспэктывах газэты “Наша Ніва”, аб асабістым досьведзе грамадзкай асьветніцкай дзейнасьці ў Беларусі. Аўдыторыя зь цікавасьцю даведалася аб гісторыі напісаньня “Турэмнага дзёньніка” – твору, уганараванага нядаўна прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі. Сп. Дынько зазначыў таксама важнасьць ролі, якую для лепшай будучыні Беларусі мусіць і надалей адыгрываць беларуская супольнасьць замежжа. Сустрэча завершылася беларускімі песьнямі ў выкананьні Сержука Вінаградава.

Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі ў сераду 16-га траўня 2007 г. зарганізавала сустрэчу сяброў ЗБВБ, прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Англіі, беларускіх студэнтаў у Вялікай Брытаніі са сп. Аляксандрам Мілінкевічам, Старшынём Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Беларусі. Сустрэча адбывалася ва ўтульнай залі беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру ў паўночным Лёдане, якая, нягледзячы на працоўны дзень і позьні час, ледзьве зьмяшчала ўсіх прысутных. Адметнае й прыемнае ўражаньне пакінуў факт, што пераважную частку аўдыторыі складала моладзь. Уступным словам сустрэчу распачала Старшыня ЗБВБ спадарыня Л. Міхалюк, якая сардэчна прывітала высокага госьця ды падзякавала яму за тое, што, нягледзячы на шчыльны графік візыту ў Вялікай Брытаніі, сп. А. Мілінкевіч знайшоў час сустрэцца зь беларускай грамадой. Затым Сакратар ЗБВБ сп. С. Пяткевіч каротка распавёў прысутным пра гісторыю заснаваньня й дзейнасьць ЗБВБ - арганізацыі, якая напрацягу ўжо больш як 60-ці гадоў яднае беларусаў на брытыйскіх выспах. Асаблівая ўвага прысутных была засяроджаная на тым, што ЗБВБ ад пачатку свайго існаваньня й па сёньняшні дзень цьвёрда стаіць на груньце беларускіх нацыянальных мэтаў: нацыянальна-дзяржаўных ідэалаў незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, ідэалаў Акту 25-га Сакавіка, а таксама падтрымкі Рады БНР. Спадар А. Мілінкевіч акрэсьліў для прысутных асаблівасьці бягучай сытуацыі ў Беларусі, ахарактарызаваў дзейнасьць дэмакратычнай апазыцыі, падрабязна распавёўшы пра будучую тактыку й стратэгію сваёй дзейнасьці. Аўдыторыя ўважліва слухала выступоўцу й заканчэньне прамовы сустрэла гучнымі воплескамі. У часе далейшых пытаньняў і адказаў закраналіся тэмы, што тычыліся ў асноўным праблемаў яднаньня апазыцыі ды стасункаў паміж лідэрамі партыяў; тактычных захадаў аб’яднанай апазыцыі што да вулічных акцыяў і агітацыйных матэрыялаў; магчымых сцэнароў перамогі дэмакратычных сілаў; бачаньня палітычнага ладу (прэзыдэнцкая, парляманцкая рэспубліка), эканамічнага ладу (рынкавая, лібэральная, сацыяльна арыентаваная мадэлі) ў Беларусі пасьля зьмены ўлады, месца краіны ў міжнародным кантэксьце (шлях эўрапейскае інтэграцыі, яднаньне з Расеяй). Спадар А. Мілінкевіч шчыра й адкрыта адказваў на ўсе пытаньні, асабліва падрабязна тлумачыў прычыны памылак ды бягучых недасканаласьцяў у фармаваньні палітыкі. Афіцыйная частка сустрэчы завяршылася пад музыку сябра ЗБВБ спадара Сержука Вінаградава, які натхнёна й па-майстэрску зайграў на гітары, а аўдыторыя падхапіла словы цудоўных беларускіх песьняў. Напрыканцы сустрэча перайшла ў неафіцыйны фармат, у часе чаго сп. А. Мілінкевіч адказваў на шматлікія пытаньні, тлумачыў, спрачаўся, даводзіў свой пункт гледжаньня й пераконваў суразмоўцаў па разнастайных тэмах сучаснага беларускага жыцьця на Бацькаўшыне і ў замежжы.

 

Cакавік 2007

Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі узяло удзел у Акадэміі, прысьвечанай 89-й гадавіне абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адбылася ў Нядзелю 25-га Cакавіка 2007 году, у залі Беларускага культурна – рэлігійнага цэнтра па 39 Holden Road, London, N12 8HS (Woodside Park underground station on the High Barnet branch of the Northern Line). А 10.30 гадзіне адбылася нядзельная служба у царкве сьвятых Пятра і Паўла, Marian House, пасля службы Малебен за Беларускі народ адслужыў а. Аляксандр Надсан. А 14.00 гадзіне адбылася Акадэмія.

 

Лістапад 2006

25 лістапада 2006 г. сябры і прыяцелі Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі сабраліся ў беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры ў паўночным Лёндане на штогадовую акадэмію ўшанаваньня памяці ваяроў Слуцкага збройнага чыну.

Адзначэньне ўгодкаў гэраічнага змаганьня случчакоў за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі распачалося царкоўнай службай за загінуўшых за Бацькаўшчыну, што адпраўляў у царкве свсв. Пятра і Паўла апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа

У залі цэнтру прысутных прывітала Старшыня ЗБВБ сп-я Лёля Міхалюк. Быў зачытаны зварот Старшыні Рады БНР сп-і Івонкі Сурвіллы з нагоды слуцкіх угодкаў, а таксама рэфэрат на тэму дня намесьніка старшыні ЗБВБ Міколы Пачкаева. Сп. Павал Шаўцоў прадэклямаваў некалькі вершаў Натальлі Арсеневай, прысьвечаных памяці змагароў за Беларусь, а сп. Сяржук Вінаградаў выканаў беларускія народныя песьні ў суправаджэньні дуды. Афіцыйная частка акадэміі завяршылася сьпевам нацыянальнага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Другую частку сходу ЗБВБ прысьвяціла Ай. А. Надсану з нагоды 80 га Юбілею Яго жыцьця. Ай. А. Надсан – адзін з найбольш выбітных рэлігійных і грамадзкіх дзеячоў паваеннай беларускай эміграцыі, які быў таксама сярод заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі у 1946 г і да цяпер знаходзіцца яго чынным сябрам. Ад сяброў ЗБВБ быў ўручаны падарунак.

Увага прысутных была таксама прыцягнута да рыхтаванай цяпер кнігі - зборніка навуковых артыкулаў па беларусістыцы і тэалёгіі ў гонар 80-га юбілея а. А. Надсана, выданьне якой фінансуе ЗБВБ. (ПРЭС - РЭЛІЗ Управы Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі)

 

Жнівень 2006

Камунікат ЗБВБ N.110 у фармаце pdf.

 

Чэрвень 2006

Чарговы зьезд ЗБВБ адбыўся 3-га чэрвеня ў залі Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтру па 39 Holden Road, London, N12 8HS.

 

Травень 2006

14 траўня 2006 г. прадстаўнікі Галоўнай Управы ЗБВБ і многія лёнданскія сябры арганізацыі былі прысутныя ва ўкраінскай грэка-каталіцкай катэдры ў Лёндане на высьвячэньні сп. Сяргея Стасевіча на дыякана, што была дадзена біскупам Паўлам Хамныцкім (біскупам стамфардзкім, Украінская каталіцкая царква ў ЗША). Далей а. дыяк. Сяргей Стасевіч будзе працаваць на ніве духоўнае апекі беларусаў-каталікоў у Вялікабрытаніі.

Красавік 2006

У суботу 08.04.2006 Аляксандр Лукашэнка правёў цэрэмонію сваёй інаўгурацыі на трэці тэрмін ва ўладзе. Перадусім, ён ня меў легітымных канстытуцыйных падставаў балятавацца на 3-ці тэрмін, а цяпер - як прызнае таксама Эўрапэйскі Парлямант - ён ня ёсьць легітымным, дэмакратычна абраным галавою дзяржавы ў Беларусі. Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі правяло пікетаваньне насупраць амбасады РБ ў Лёндане (6 Kensington Court - найбліжэйшы прыпынак мэтро High Street Kensington) у суботу, 08.04.2006 у падтрымку патрабаваньня апазыцыі (а цяпер і Эўрапарляманту) правесьці новыя - вольныя і справядлівыя - выбары прэзыдэнта Беларусі, а таксама каб выказаць пратэст супраць масавых парушэньняў чалавечых правоў, ды салідарнасьць з усімі ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Cакавік 2006

У суботу, 25 Сакавіка 2006 г. адбылося ўрачыстае свьяткаванье Дня Волі й шасьцідзясятых угодкаў ЗБВБ па адрасе: Holden Road 39, London, N12 8HS. Праграма: 14.00 – малебен, 14.30 – акадэмія.

У нядзелю, 19 Сакавіка 2006 г. а 14.00 адбылося пікетаваньне беларускае амбасады ў Лёндане. Сабралося каля 50 чалавак, сярод якіх брытанскія беларусы, прадстаўнікі Эўрапарляманту й Лібэральна-дэмакратычнае партыі Вялікабрытаніі, а таксама ўкраінскіх, польскіх суполак. Прысутныя выразілі сваю салідарнасьць са змагарамі за свабоду Беларусі.

Лістапад 2005

На 26.11.2005 заплянаванае чарговае ўрачыстае адзначэньне ўгодкaў Слуцкага збройнага чыну. Імпрэза пачнецца а 14 г. з набажэнства ў царкве Пятра й Паўла й працягнецца ў залі культуровага цэнтру (Holden Road, 39).

Кастрычнік 2005

У суботу, 1 кастрычніка адбылася сустрэча з былым рэктарам БДУ, а зараз старшынём Сацыял-Дэмакратычнае партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным і намесьнікам старшыні партыі Кастусём Марозам. Госьці зь Беларусі падзяліліся сваім бачаньнем палітычнае й сацыяльнае сытуацыі на Бацькаўшчыне й адказалі на пытаньні прысутных.

Жнівень 2005

Рада ЗБВБ выступіла з заявай у Сувязі з заплянаваным пачаткам вяшчаньня радыёстанцыі Нямецкая хваля на Беларусь. Рада ЗБВБ заклікала кіраўніцтва радыёстанцыі перавесьці вяшчаньнe на беларускую мову. Гэта болей адпавядала б мэтам дэмакратызацыі й умацаваньня незалежнасьці Беларусі. Тут далучаны поўны тэкст заявы ЗБВБ да радыёстанцыі Нямецкая хваля па-нямецку й па-беларуску ў фармаце pdf.

Жнівень 2005 

Камунікат ЗБВБ N.109 у фармаце pdf. 

Ліпень 2005

Старшыня ЗБВБ Лёля Міхалюк узяла ўдзел у Зьезьдзе беларусаў cьвету ў Meнску й выступіла там з прамовай.

Чэрвень 2005

Aдбыўся чарговы зьезд ЗБВБ. Праца старое Pады была ўхваленая й Рада на чале зь Лёляй Міхалюк была пераабраная на 2005-2006 год. У склад Рады былі абраныя  Лёля Міхалюк (Старшыня), Мікола Пачкаеў (заступнік), Сяргей Пяткевіч (сакратар/скарбнік), Павал Шаўцоў (сябра Рады), Алена Сенька (сябра Рады). Шэраг маладых беларусаў быў прыняты ў арганізацыю.

 

Чэрвень 2004

 

Камунікат ЗБВБ N.108 у фармаце pdf. 

 

Cакавік 2000

 

Камунікат ЗБВБ N.109 у фармаце pdf.

 

Верасень 1999

 

Камунікат ЗБВБ N.108 у фармаце pdf.

 

Cакавік 1999

 

Камунікат ЗБВБ N.107 у фармаце pdf.

 

Лістапад 1998

 

Камунікат ЗБВБ N.106 у фармаце pdf.  

 

 

 

 

далей